Будучая прафесія — падмурак, на якім грунтуецца жыццё чалавека. Сучасны свет прадастаўляе розныя напрамкі ў працы, закранае ўсе сферы жыцця. Як жа выбраць прафесійны шлях? Выйсце ёсць: дасканала вывучыць прапановы, убачыць усё на свае вочы, задаць пытанні. Гэтую магчымасць атрымалі навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў г.Брэста і Брэсцкай вобласці, зарэгістраваўшыся на прафарыентацыйнае мерапрыемства «Канікулы ў БрДТУ».
Першы дзень канікул — дзень факультэта інжынерных сістэм і экалогіі.
Пасля сустрэчы з дэканам факультэта Алегам Паўлавічам Мешыкам хлопцы і дзяўчыны пазнаёміліся з сучасным абсталяваннем сістэм водазабеспячэння і ацяплення, прынялі ўдзел у хімічных досведах. Студэнт факультэта Кірыл Ваўранюк, стваральнік Кветка-парку, арганізаваў для школьнікаў пазнавальную экскурсію па тэрыторыі і займальны майстар-клас. На працягу ўсяго мерапрыемства дзеці размаўлялі са студэнтамі, задавалі пытанні, якія іх цікавяць.



