«Калейдаскоп дасягненняў УП «Брэстаблгаз»

Выкладчыкі кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта са студэнтамі 1, 3 і 4 курсаў спецыяльнасці «Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна» прынялі ўдзел у Дні адчыненых дзвярэй «Калейдаскоп дасягненняў», арганізаваным УП «Брэстаблгаз» на базе санаторыя «Надзея». На свята былі запрошаны навучэнцы і бацькі інжынернага класа СШ № 20 г.Брэста, навучэнцы сярэдніх школ №7 г. Кобрына і №28 г. Брэста.
– З упэўненасцю можна сказаць, што прафесіі, звязаныя з газавай галіной, з’яўляюцца перспектыўнымі, – адзначыў на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства генеральны дырэктар УП «Брэстаблгаз» Яўген Аляксандравіч Казімірчык. – Газ з’яўляецца адной з самых важных крыніц энэргіі, а наша прадпрыемства валодае сур’ёзнымі магчымасцямі. Мы стараемся выбудаваць сістэму падрыхтоўкі кадраў так, каб ужо са школьнай лавы навучэнцы былі знаёмыя з працай газавікоў. Каб яны ведалі, што ў нашай сферы шмат цікавых прафесій, якія дазваляюць развівацца.
Каб пазнаёміць школьнікаў з працай газавай службы, супрацоўнікі УП «Брэстгаз» арганізавалі дэманстрацыю дзеянняў сваіх спецыялістаў ва ўмовах надзвычайнага здарэння. Пасля паступлення ўмоўнага паведамлення аб уцечцы газу на пляцоўку прыбыў аўтамабіль аварыйнай службы, супрацоўнікі якой аператыўна ліквідавалі праблему. Затым навучэнцы і студэнты з вялікай цікавасцю азнаёміліся з маштабнай выставай тэхнікі і абсталявання, з якімі працуюць газавікі – ад вымяральных прыбораў да спецыяльна абсталяваных аўтамабіляў. Прыемна адзначыць, што большасць спецыялістаў, якія прэзентавалі працу абсталявання – выпускнікі спецыяльнасці «Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна» БрДТУ.