Урачысты рытуал ушанавання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску

У Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга адбылася ўрачыстая цырымонія святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Галоўчанка Раман Аляксандравіч зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з нагоды Дня ўшанавання галоўных дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, а затым асабіста павіншаваў прысутных і ўсіх жыхароў Рэспублікі. Старшыня ўрада заклікаў памятаць, што сёння дзяржаўная сімволіка ўвасабляе незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, аб’ядноўваючы ўсіх беларусаў у імкненні зберагчы жыццёвы ўклад, спрадвечныя традыцыі і гераічнае мінулае. «Любоў да роднай зямлі, беражлівыя адносіны да традыцый, гістарычнай памяці з’яўляюцца залогам не толькі захавання нацыі, але і ўзмацнення ролі нашай Беларусі на сусветнай арэне», — падкрэсліў ён.
Ад імя маладога пакалення Беларусі клятву вернасці дзяржаўным сімвалам вымавілі прадстаўнікі моладзі з усіх абласцей і Мінска. Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт прадставіла Беламесава Крысціна — старшыня Савета маладых вучоных БрДТУ, член Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама ў цырымоніі прынясення клятвы прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.А. Куляшова, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ім. П. А. Сухога, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я.Купалы.