Першы абітурыент-2023 у БрДТУ

Сёння, 1 чэрвеня, стартаваў прыём дакументаў для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце плануецца прыняць 36 абітурыентаў. Заяўкі паступілі ад 22 вядучых прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі Беларусь.
Першага абітурыента ўступнай кампаніі-2023, Мікіту Мартысюка з г.Бярозы, павіншаваў рэктар універсітэта Сяргей Антонавіч Каспяровіч. Мікіта зрабіў свой выбар на карысць спецыяльнасці «Мытная справа». Рэктар пажадаў яму паспяхова вытрымаць уступныя выпрабаванні і стаць студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Прыём дакументаў для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі працягнецца да 5 чэрвеня 2023 года ўключна. Прыёмная камісія працуе з 9: 00 да 18: 00 без выхадных.
З маніторынгам падачы дакументаў, пералікам арганізацый і колькасцю месцаў, вызначаных для мэтавай падрыхтоўкі, можна азнаёміцца на сайце ва ўкладцы «Абітурыентам»: https://www.bstu.by/abiturientam/pravila-priema/tselevaya-podgotovka-spetsialistov
З 6 па 13 чэрвеня абітурыентам трэба будзе здаць уступныя іспыты па першым профільным прадмеце, а 16 чэрвеня адбудзецца залічэнне.

Звяртаем Вашу ўвагу, што падставай для ўдзелу ў конкурсе на месца для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі з’яўляецца дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, складзены ў трох экзэмплярах і падпісаны грамадзянінам і заказчыкам па форме згодна з дадаткам 3 да Палажэння аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, рабочых, служачых.