Загадчык кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі БрДТУ Навасельцаў У.Г. удастоены адзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Урачыстая цырымонія адбылася 23 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выпускнікам і выкладчыкам устаноў вышэйшай адукацыі. Загадчык кафедры цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі БрДТУ Уладзімір Генадзьевіч Навасельцаў удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую навуковую і педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Уладзімір Генадзьевіч узначальвае кафедру цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі з 2009 года з моманту яе стварэння. За гэты час праведзена велізарная праца па стварэнні лабараторнай базы, метадычным забеспячэнні, падборы кадраў.
Дзякуючы неабыякаваму стаўленню да справы, любові да прафесіі і імкненню якасна падрыхтаваць студэнта пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Навасельцава У.Г. створаны чатыры спецыялізаваныя навучальныя лабараторыі: «Ацяпленне і цеплазабеспячэнне», «Вентыляцыя і кандыцыянаванне паветра», «Газазабеспячэнне», «Цеплагенеруючыя ўстаноўкі і энергазберажэнне». Лабараторыі аснашчаны і пастаянна абнаўляюцца самым сучасным, высокаэфектыўным і энергазберагальным абсталяваннем, якое выкарыстоўваецца ў сістэмах ацяплення, цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі, сучаснымі кантрольна-вымяральнымі прыборамі. Шэраг стэндаў дазваляе весці навукова-даследчую працу.
Уладзімір Генадзьевіч, з’яўляючыся годным вучнем свайго настаўніка, доктара тэхнічных навук, прафесара Севяраніна Віталя Сцяпанавіча, у цяперашні час узначальвае навукова-даследчую лабараторыю «ПУЛЬСАР», якая праводзіць работы па аналізе функцыянавання сістэм ацяплення і вентыляцыі і займаецца складаннем навукова-абгрунтаваных мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання энергарэсурсаў як у будоўлях, так і ў існуючых будынках.

Шчыра віншуем Уладзіміра Генадзьевіча з годнай заслужанай узнагародай і жадаем далейшых поспехаў на карысць універсітэта і краіны!