25 ліпеня ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь». У працы канферэнцыі прыняў удзел старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Аляксандравіч Раманаў і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, член палітычнага савета партыі Вадзім Васільевіч Краўчук.
Удзельнікамі канферэнцыі сталі амаль сто дэлегатаў, якія прадстаўлялі ўсе 20 гарадскіх і раённых аддзяленняў партыі. Рэктар БрДТУ Сяргей Антонавіч Каспяровіч і начальнік медыя-інфармацыйнага аддзела Наталля Сямёнаўна Віннік у ліку дэлегатаў прадстаўлялі Маскоўскае раённае г.Брэста аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь».
Галоўным пытаннем устаноўчай канферэнцыі стала абранне старшыні Савета Брэсцкага абласнога аддзялення партыі «Белая Русь». Вадзім Васільевіч Краўчук прапанаваў на гэтую пасаду старшыні Пінскага райвыканкама Ігара Брылевіча. Адкрытым галасаваннем дэлегаты падтрымалі вылучаную кандыдатуру.
Алег Аляксандравіч Раманаў павіншаваў удзельнікаў з завяршэннем фарміравання рэгіянальнай арганізацыйнай структуры, пазначыўшы асноўныя задачы перад яе актывам. «Мы разглядаем нашу партыю як спосаб аб’яднання беларускага грамадства, яго згуртавання і вырашэння тых няпростых задач, якія стаяць перад намі. Зразумела, мы будзем гэта рабіць рознымі спосабамі. Гэта ўдзел у электаральнай кампаніі, асветніцкая і кадравая праца, фарміраванне так званых сацыяльных ліфтаў для таго, каб таленавітыя беларусы маглі займаць значныя пазіцыі ў нашым грамадстве. У цэлым партыя — гэта інструмент адзінства, салідарнасці для Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў старшыня партыі «Белая Русь». Адзначыўшы важнасць працэсу партыйнага будаўніцтва, які ідзе зараз, Алег Аляксандравіч Раманаў уручыў кіраўнікам партыйных гарадскіх і раённых арганізацыйных структур Брэстчыны пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі і імянныя членскія білеты.