21 верасня ў Мінску ў Палацы незалежнасці адбылася нарада па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы на чале з Прэзідэнтам Беларусі А. Р. Лукашэнкам і вышэйшымі службовымі асобамі краіны, кіраўнікамі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, губернатарамі, кіраўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, старшынямі профільных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, кіраўнікамі галоўных упраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў і Камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, начальнікамі раённых аддзелаў адукацыі і работнікамі ўстаноў адукацыі з розных рэгіёнаў краіны.
У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы падняў шэраг праблемных пытанняў, якія закранаюць як установы сярэдняй адукацыі, так і ўстановы вышэйшай адукацыі. Датычна ўстаноў сярэдняй адукацыі быў узняты вялікі пералік надзённых пытанняў, пачынаючы з арганізацыі харчавання навучэнцаў заканчваючы адладжанасцю адукацыйнага працэсу ў іх. Ва ўстановах вышэйшай адукацыі кіраўніка дзяржавы ў большай ступені цікавіла як спрацавалі новаўвядзенні ва ўступнай кампаніі 2023 года.
Актыўны ўдзел у рабоце нарады прыняў рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта С.А. Каспяровіч. Ён падкрэсліў эфектыўнасць рэалізаванай мадэлі ўступнай кампаніі 2023 года, але і выступіў з шэрагам прапаноў па яе ўдасканаленні:
— залічаць медалістаў без уступных выпрабаванняў на ўсе спецыяльнасці, але толькі ў рэгіянальныя ВНУ;
— развіваць практыку мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў па большасці спецыяльнасцяў з увядзеннем ніжняга парога сярэдняга бала дакумента аб адукацыі;
— праводзіць універсітэцкія алімпіяды, але толькі ў рэгіянальных ВНУ;
— даць права выпускнікам профільных інжынерных класаў паступаць на спецыяльнасці інжынерна-тэхналагічнага профілю без уступных выпрабаванняў пры належным узроўні паспяховасці ў школе.
«Тут і цяпер мы павінны вызначыць механізм работы сярэдняй школы і ВНУ на перспектыву і вырашыць галоўную задачу — забяспечыць нашай моладзі ўмовы для прафесійнага станаўлення і развіцця ў сваёй краіне. Падкрэслю: найбольш таленавітыя, перспектыўныя абітурыенты павінны быць запатрабаваныя ў нас, на радзіме. Гэта маё жалезнае правіла», — заявіў Кіраўнік дзяржавы.






