Беларуска-ўзбекскі форум рэктараў

23 кастрычніка на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшоў I Форум рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Узбекістан і Рэспублікі Беларусь. Больш за 30 кіраўнікоў беларускіх і ўзбекскіх ВНУ абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця сістэм вышэйшай адукацыі дзвюх краін.
У працы форуму прыняў удзел рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Антонавіч Каспяровіч.
Вітаў удзельнікаў Форуму першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Генадзьевіч Бахановіч. Ён адзначыў, што паспяховае супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў галіне адукацыі і навукі закладвае аснову для доўгатэрміновых адносін дзвюх краін. «На працягу апошніх пяці гадоў сфарміравана нарматыўна-прававая база, якую ў цяперашні час складаюць міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні, мемарандумы аб супрацоўніцтве і г. д. У цяперашні час паміж установамі адукацыі Беларусі і Узбекістана падпісана больш за чатырыста прамых дагавораў аб супрацоўніцтве. У рамках дагавораў рэалізуецца шэраг двухбаковых навуковых і адукацыйных праектаў, вядзецца работа па стварэнні сумесных адукацыйных праграм, функцыянуюць сумесныя факультэты», — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч.
Старшыня Савета рэктараў Беларусі, рэктар БДУІР Вадзім Анатольевіч Богуш пазначыў, што важнай сферай супрацоўніцтва можа стаць гуманітарная сфера, дзе асновай выступіць агульная гістарычная памяць нашых народаў. Таксама для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва могуць паслужыць асновай развіццё кадравага патэнцыялу, навуковых і адукацыйных праектаў.
Па выніках работы форуму паміж Саветамі рэктараў дзвюх краін падпісана дарожная карта супрацоўніцтва.
У рамках работы форуму падпісана больш за 20 двухбаковых дагавораў аб узаемадзеянні паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі і Узбекістана. БрГТУ будзе супрацоўнічаць з Джызакскім політэхнічным інстытутам.