27 снежня ў Палацы Незалежнасці прайшоў традыцыйны Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Урачыстасць сабрала юнакоў і дзяўчат з усёй Беларусі. Гэта адораныя навучэнцы ВНУ, ССНУ, вучэльняў, кадэты і выхаванцы сувораўскага ваеннага вучылішча, якія за час навучання змаглі ярка праявіць сябе ў вучэбнай, навуковай, творчай і спартыўнай дзейнасці.
Шэсць лепшых студэнтаў БрДТУ прымалі ўдзел у мерапрыемстве. Сярод іх: Якубоўская Дар’я (будаўнічы факультэт), Васілевіч Аляксандр (факультэт інжынерных сістэм і экалогіі), Сергель Вераніка (эканамічны факультэт), Ярмак Міхаіл (машынабудаўнічы факультэт), Сярко Аляксандра (факультэт электронна-інфармацыйных сістэм), Бекіш Ягор (будаўнічы факультэт).
З прывітальным словам і віншаваннем традыцыйна да ўдзельнікаў балю звярнуўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Прэзідэнт выказаў падзяку бацькам і выкладчыкам, адзначыў прафесіяналізм, мэтанакіраванасць і ўпартасць студэнтаў у мінулым годзе, высокія вынікі ў вучобе, спорце, у валанцёрскім руху.
Свята адкрыў паланэз. Працягнуў праграму незаменны і кранальны вальс, запальная і вясёлая полька. Сваё майстэрства юнакі і дзяўчаты прадэманстравалі ў кадрылі і мазурцы, чароўным галопе і шаконе. У завяршэнні свята рабяты выканалі «Паўночную кадрылю».
Па выніку вечара ўдзельнікам урачыстасці ўручылі памятныя падарункі ад Кіраўніка дзяржавы.
Сваімі ўражаннямі падзялілася Вераніка Сергель: «Наведаць дадзенае мерапрыемства я марыла ўжо пару гадоў і для мяне гэта стала мэтай, да якой я рухалася і старалася ва ўсім, каб дасягнуць яе. І атрымаўшы запаветную навіну пра тое, што мяне адабралі на баль, радасці не было мяжы.
Апынуўшыся ў Палацы Незалежнасці чаканні перасягнулі сябе. Трапляеш у сапраўдную навагоднюю казку. Дзяўчыны ў прыгожых сукенках, мужчыны ў касцюмах і форме. А сябе я адчувала Папялушкай, не хапала толькі крыштальных туфлікаў.)
Мне выпала ўнікальная магчымасць назіраць за балем, знаходзячыся побач з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь — Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Эмоцыі перапаўнялі, слёзы радасці і гонар ад таго, што цяпер знаходжуся тут.
Асаблівую падзяку хачу выказаць сваёй маме за тое, што выхавала і навучыла дамагацца сваіх мэтаў, універсітэту за магчымасць апынуцца тут і, вядома, нашаму Прэзідэнту, за такое незабыўнае мерапрыемства, падтрымку і давер моладзі. Мы пастараемся не падвесці!»





