4 студзеня 2024 года ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбылася сустрэча рэктара Сяргея Антонавіча Каспяровіча са студэнтамі –удзельнікамі навагодняга балю. На сустрэчы прысутнічала прарэктар па выхаваўчай рабоце Наталля Пятроўна Ялавая.
На абласным свяце ў Косаўскім палацы БрДТУ прадстаўлялі Гайко Іван (машынабудаўнічы факультэт), Мельнікава Дыяна (эканамічны факультэт), Ботава Вольга (факультэт інжынерных сістэм і экалогіі), Тамашоў Уладзіслаў (факультэт электронна-інфармацыйных сістэм).
Ва ўтульнай і сяброўскай атмасферы рабяты падзяліліся сваімі яркімі ўражаннямі, выказалі словы падзякі за набыты вопыт і за магчымасць стаць гасцямі святочнага балю.
Дыяна Мельнікава: «Пабываць на балі ў Косаўскім замку — унікальная магчымасць! Вельмі ўдзячная факультэту і ўніверсітэту за тое, што змагла стаць часткай такога неверагоднага мерапрыемства. Успаміны незабыўныя і дакладна застануцца на ўсё жыццё. З дзяцінства марыш стаць прынцэсай, надзець прыгожую сукенку і пабываць у замку. Дзіўна, што ўвасобіць гэтую мару можна нават у студэнцкія гады. Неверагодная атмасфера: усе ў прыгожых строях кружацца ў вальсе. Вялікая зала, прыгожая ёлка і падарункі, якія яшчэ доўга будуць нагадваць нам пра гэты дзень».
Карыстаючыся выпадкам, рабяты абмеркавалі з кіраўніцтвам універсітэта розныя пытанні, якія тычацца арганізацыі вучобы і вольнага часу студэнтаў, выказалі свае пажаданні па ўдасканаленні інфраструктуры і паляпшэнню бытавых умоў.
У завяршэнні сустрэчы Сяргей Антонавіч уручыў удзельнікам падзякі БрДТУ і памятныя навагоднія падарункі.


