Студэнты БрДТУ прынялі ўдзел у памятным мерапрыемстве ў Мемарыяльным комплексе «Хатынь»

2 сакавіка 2023 года ў дзень 80-й гадавіны Хатынскай трагедыі ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» адбылося ўскладанне кветак да Вечнага агню і мітынг-рэквіем па ўвекавечанні памяці загінуўшых мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, байцы будаўнічага атрада «Спадчына» ім. Героя Савецкага Саюза П.М. Машэрава на чале з камандзірам атрада Сямёнам Люльковічам.
У рамках памятнага мерапрыемства ў мемарыяльным комплексе адбылося адкрыццё экспазіцыі новага Музея памяці ахвяр беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта аднапавярховы будынак з шасцю выставачнымі заламі, дзе прадстаўлена мноства эксклюзіўных экспанатаў, якія захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Нашы хлопцы прымалі самы непасрэдны ўдзел у работах па рэканструкцыі «Могілак вёсак» і будаўніцтве новага музея. Тым самым кожны ўнёс сваю лепту ў захаванне мемарыяла народнай памяці.

Трагедыя Хатыні не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Лёс Хатыні за гады Вялікай Айчыннай вайны падзялілі тысячы вёсак нашай краіны. Паводле апошніх даследаванняў, у Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было разбурана і спалена не менш за 216 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9 тыс.вёсак. Некаторыя населеныя пункты так і не былі адноўлены.