У Мінску завяршыўся фінал рэспубліканскай інтэлектуальна-прававой гульні Сіла закона: мы і права».
Каманда «Патрыёты» Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта па выніках спаборніцтваў заняла II месца!
У склад каманды, пад кіраўніцтвам старэйшага выкладчыка кафедры гуманітарных навук Іпатавай Вольгі Валер’еўны, увайшлі студэнты будаўнічага факультэта Астроўскі Мікіта, Смаль Андрэй, Цуканов Алег, Ільяшук Юрый і Саковіч Яўген.
За перамогу ў рэспубліканскім фінале па выніках адборачных гульняў, якія прайшлі ў рэгіёнах, змагаліся 13 маладзёжных каманд-65 чалавек. У ходзе фінальных спаборніцтваў, арганізаваных у фармаце гульні, каманды выканалі 45 тэматычных тэстаў і адкрытых заданняў на лагічнае мысленне. Хлопцы аналізавалі прававыя сітуацыі, разгорнута адказвалі на пытанні па розных тэматыках: аб дзяржаўным ладзе, прававых асновах, гісторыі права, адукацыі, маладзёжнай палітыцы, працаўладкаванні моладзі і іншых.
Арганізатарамі рэспубліканскай інтэлектуальна-прававой гульні «Сіла закона: мы і права», накіраванай на павышэнне цікавасці навучэнскай і студэнцкай моладзі да пытанняў прававой культуры і праблем права, выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У рамках мерапрыемства ўдзельнікі ўсклалі кветкі да манумента Перамогі, наведалі з экскурсіямі Музей Вялікай Айчыннай вайны, крыміналістычныя лабараторыі і музей Следчага камітэта нашай краіны.