Вучні інжынерных класаў у БрДТУ

22 лістапада ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт наведалі вучні 10-га і 11-га класаў сярэдняй школы №4 г.Лунінца. Рабят сустракалі на факультэце інжынерных сістэм і экалогіі, дзе дэкан Алег Паўлавіч Мешык распавёў навучэнцам аб спецыяльнасцях факультэта, пра важнасць і пра асаблівасці прафесіі інжынера-эколага.
Супрацоўнікамі факультэта былі праведзены гутаркі па прафесійнай арыентацыі вучняў, накіраваныя на інфармаванне аб спецыяльнасцях, па якіх ажыццяўляецца навучанне на кафедрах факультэта. Рабяты прынялі ўдзел у майстар-класе «Трохмернае мадэляванне ў сістэмах аўтаматызаванага праектавання на прыкладзе «Компас 3D», хімічных доследах, мантажы сучасных трубаправодаў інжынерных сістэм. У рамках мерапрыемства школьнікі наведалі з экскурсіямі лабараторыі факультэта.
У завяршэнне праграмы для дзяцей была арганізавана азнаямленчая экскурсія па будаўнічым, машынабудаўнічым факультэтах і факультэту электронна-інфармацыйных сістэм.