Дваццаць восьмага верасня ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбыўся круглы стол “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…” прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дадзенае навуковае мерапрыемства арганізавалі і правялі выкладчыкі кафедры беларускай і рускай моў БрДТУ.
Прывітальнае слова начальніка аддзела выхаваўчай работы Будніка Д.В. і кандыдата філалагічных навук, дацэнта Самуйліка Я.Р. стварыла атмасферу даверу і роздуму аб творчай спадчыне пісьменнікаў, што адлюстроўвае агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці.
У круглым стале прынялі ўдзел студэнты 1–2 курсаў эканамічнага, будаўнічага факультэтаў, факультэта электронна-інфармацыйных сістэм і факультэта інжынерных сістэм і экалогіі нашага ўніверсітэта.
У 18 дакладах асвятляліся жыццёвы і творчы шлях класікаў беларускай літаратуры (Валынец Ульяна, Гойшык Маргарыта); пуцявіны нашчадкаў Якуба Коласа (Раўнейка Маргарыта); тэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы (Дылько Кацярына); грамадзянскі абавязак і любоў да радзімы (Кісель Дар’я, Герман Паліна); каханне (Кунц Дар’я, Скіпальская Вікторыя); хараство беларускай прыроды (Руднікевіч Мікіта, Бабіч Кацярына); тэматыка і праблематыка празаічных і драматургічных твораў пісьменнікаў (Дземядзюк Надзея, Казакоў Максім) і інш.
Безумоўна, круглы стол “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…” стаў значнай падзеяй як у навуковым, так і ў грамадскім жыцці студэнцкай моладдзі БрДТУ.