21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
А ці карыстаецеся Вы роднай мовай і якім бачыце яе лёс? З такім пытаннем мы звярнуліся у Дзень роднай мовы да студэнтаў і супрацоўнікаў універсітета:
Карпенка Маргарыта: “Крыўдна, што так мала чалавек карыстаецца беларускай мовай. У сваю чаргу, магу адзначыць, што слухаць, як нехта размаўляе па-беларуску, дастаўляе мне неймавернае задавальненне!
Я таксама рэдка карыстаюся беларускай мовай, паколькі ўсюды цяпер асноўная мова — русская. Нажаль, нават у сельскіх школах змянілі беларускамоўнае навучанне на рускамоўнае.
Я лічу, што беларусам трэба часцей карыстацца беларускай мовай! Інакш яе зусім забудуць і прыгожая, меладычная мова знікне. І якая краіна застанецца тады? Тая, што забыла сваю мову?”
Вакула Вера Міхайлаўна: “Так! Карыстаюся. Складаю вершы на роднай мове, перачытваю творы беларускай класiчнай i сучаснай прозы i паэзii. Размаўляю на беларускай мове на творчых сустрэчах, прапагандую неабходнасць ведання роднай мовы, як прыклад джяржаўнасцi i аўтэнтычнасцi беларускай нацыi. Без мовы няма дзяржавы! Лёс мовы ў Беларусi вельмi сумны. Карыстацца мовай лiчыцца не прэстыжным заняткам. Людзi iншых нацыянальнасцей, якiя жывуць у Беларусi, многа гадоў не лiчаць неабходным вывучаць беларускую мову, адносяцца да яе агiдлiва i без патрэбнай павагi. Няма належнай культуры выкладання мовы ў школах i вну.”
Чарановiч Ганна: “На жаль, у штодзённым жыцці не карыстаюся беларускай мовай, але я лічу, што мова — гэта вельмі важны аспект жыцця, таму спрабую выкарыстоу́ваць яе як мага больш у размовах з сябрамі і роднымі.
На маю думку, наш народ будзе вяртацца да беларускай мовы, гэты працэс пачнецца з моладзі. Толькі так мы зможам захаваць сваю незалежнасць. Асабліва я стау́лю сабе мэту перайсці на родную мову.”
Буднік Вольга Аляксандраўна: “Я амаль кожны дзень з задавальненнем гавару па-беларуску. Люблю перачытваць творы беларускіх класікаў. Асаблівую асалоду атрымліваю ад мовы твораў Ул. Караткевіча.
На жаль, выкарыстанне беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці ў Беларусі абменсавана.
Каб палепшыць сітуацыю, трэба, на маю думку, уводзіць урокі беларускай мовы ў дзіцячыя садкі, больш гадзін адводзіць у школе на вывучэнне мовы і літаратуры. Трэба, каб беларуская мова гучала на радыё і тэлебачання. Тады прэстыж беларускай мовы будзе няўхільна падымацца.”
Кафедра беларускіх і рускіх моў БрДТУ адзначае гэтае свята мерапрыемствам «Звіні, мая светлая родная мова», якое праводзіцца штогод. У гэтым годзе ў мерапрыемстве прымалі ўдзел беларускія і замежные студэнты. Яны чыталі вершы на роднай мове, спявалі песні і адгадвалі загадкі. Мерапрыемства прайшло ў сяброўскай і добразычлівай абстаноўцы, усе зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі.