Адкрыццё праграмы «Кітайскі мост», арганізаванай Хух-Хотаскім універсітэтам для студэнтаў БрДТУ

16 мая 2023 года ў фармаце відэаканферэнцыі адбылося адкрыццё праграмы «Кітайскі мост», арганізаванай Хух-Хотаскім універсітэтам з мэтай папулярызацыі кітайскай культуры, гісторыі і навукі. З прывітальным словам выступіў рэктар Хух-Хотаскага ўніверсітэта Чжан Ючжу, які высока ацаніў супрацоўніцтва з Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. У слове ў адказ рэктар БрДТУ Сяргей Антонавіч Каспяровіч выказаў упэўненасць, што ўдзел у дадзенай праграме дасць штуршок да далейшага пашырэння партнёрскіх сувязяў і адкрые новыя магчымасці для нашых вышэйшых навучальных устаноў.
Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт з 2007 года супрацоўнічае з Хух-Хотаскім прафесійным інстытутам, які з’яўляецца структурным падраздзяленнем Хух-Хотаскага ўніверсітэта. Супрацоўніцтва нашых адукацыйных устаноў будуецца на мадэлі «3+3», што дае магчымасць выпускнікам Хух-Хотаскага прафесійнага інстытута атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі дзяржаўнага ўзору Рэспублікі Беларусь. Выкладчыкі БрДТУ штогод камандзіруюцца ў Хух-Хотаскі прафесійны інстытут для выкладання рускай мовы і тэхнічных дысцыплін кітайскім студэнтам, якія маюць намер працягнуць навучанне ў Брэсце.
Кітай дасягнуў вялікіх вышынь у сучасных тэхналогіях, захаваўшы пры гэтым сваю ўнікальную культуру. У рамках праграмы «Кітайскі мост» студэнты машынабудаўнічага факультэта БрДТУ атрымаюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з асновамі кітайскай мовы, гісторыі краіны, фальклору, чайнага мастацтва, а таксама народнымі традыцыямі правінцыі Унутраная Манголія. Асобным блокам будзе прадстаўлены навучальны курс, прысвечаны перадавым дасягненням кітайскай аўтамабільнай прамысловасці.