У галерэі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта з 14 верасня працуе перасоўная выстава «Брэсцкая крэпасць – дарогамі памяці», арганізаваная музеем абароны Брэсцкай крэпасці ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж БрДТУ і МК «Брэсцкая крэпасць-герой».
Экспазіцыя складаецца з 23 планшэтаў, на якіх прадстаўлена звыш 270 фотадакументаў. Гэта своеасаблівы музей у мініяцюры, які ахоплівае ўсю 180-гадовую гісторыю Брэсцкай крэпасці, — з моманту яе стварэння да нашых дзён. Але, безумоўна, цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае тэма абароны цытадэлі над Бугам.
Запрашаем студэнтаў і работнікаў універсітэта наведаць выставу і азнаёміцца з успамінамі абаронцаў і ўбачыць іх фатаграфіі. На здымках прадстаўлены самыя каштоўныя экспанаты Музея абароны-такія, як знойдзены сярод прыгонных руін будзільнік, стрэлкі якога спыніліся на 4 гадзінах. Таксама прадстаўлены вытрымкі з данясенняў нямецкіх афіцэраў, іншыя матэрыялы.



