Дзень нараджэння Кветка-парку

Парк кветак «Кветка Парк», размешчаны на тэрыторыі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, адзначыў свой першы дзень нараджэння. Ініцыятыва стварэння парку належыць выпускніку факультэта інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ Кірылу Ваўранюку, вядомаму ў медыяпрасторы як Кірыл Кветка. Вясной 2022 года рэктар універсітэта Аляксандр Генадзевіч Бахановіч з вялікім энтузіязмам падтрымаў ідэю адоранага студэнта і прапанаваў выкарыстоўваць тэрыторыю вну для яе рэалізацыі. Берасцеец сваімі рукамі стварыў дзіўнай прыгажосці месца, правёў там некалькі сотняў экскурсій, майстар-класаў і не толькі, а дзякуючы папулярнасці блогера ў сацыяльных сетках пра гэта даведаліся людзі далёка за межамі горада. У парку БрДТУ Кірыл ужо высадзіў больш за паўтары тысячы розных відаў раслін.
«Я гэтым захоплены, прысвячаю свайму праекту ўвесь вольны час. Парк мне нават сніцца! Можна сказаць, я ганаруся тым, як усё склалася летась. Мне прадставілася ўнікальная магчымасць, і я добра распарадзіўся ёю».
Кірыл працягвае навучанне ў БрДТУ ў якасці магістранта. Гэта дае яму магчымасць і вучыцца, і займацца любімай справай.
Аб парку ён мае намер клапаціцца і пасля заканчэння ўніверсітэта: укладваць у яго шмат любові і працы.