3 кастрычніка ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце па ініцыятыве рэктара ўніверсітэта Сяргея Антонавіча Каспяровіча адбылася рабочая нарада па пытаннях арганізацыі прафарыентацыйнай работы з удзелам начальніка Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталлі Анатольеўны Каліноўскай. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі ўпраўлення агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі, Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дэканы факультэтаў БрДТУ, кіраўнікі асобных структурных падраздзяленняў універсітэта.
Перш за ўсё, нарада арганізавана з мэтай удасканалення існуючых і пошуку новых форм і метадаў работы з патэнцыяльнымі абітурыентамі.
Як адзначыла Наталля Анатольеўна Каліноўская, сённяшняя моладзь робіць свой выбар свядома, прыслухоўваючыся да меркавання навакольных, але абапіраючыся на бачны вынік. Дасягнуць гэтага выніку можна толькі выбудаваўшы сістэмную працу.
У фармаце адкрытага жывога дыялогу ўдзельнікі абмеркавалі пытанні павышэння эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы, арганізацыі работы з інжынернымі класамі, спецыфіку работы з адоранай моладдзю, іншыя формы ўзаемадзеяння паміж універсітэтам і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна.



