17 кастрычніка ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбыўся круглы стол, прымеркаваны да Дня бацькі. З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства і студэнтам звярнулася прарэктар па выхаваўчай рабоце БрДТУ Наталля Пятроўна Яловая, якая падкрэсліла значнасць бацькі не толькі як кіраўніка сям’і і яе абаронцы, але і ў першую чаргу як сябра і памочніка.
Прысутныя на круглым стале дакладчыкі, сярод якіх былі клірык сабора Уваскрэсення Хрыстова ў г.Брэсце іерэй Леанід Лявонавіч Сімончык і кіраўнік аддзела па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Брэсцкай епархіі Яўгенія Міхайлаўна Марозава ў сваіх выступах закранулі тэмы сучаснага дзіцячага выхавання – ювенальнай юстыцыі, ці інакш кажучы – дзіця заўсёды мае рацыю. Было асабліва падкрэслена, што варта ўмацоўваць сямейныя традыцыі, яны дазваляюць усім членам сям’і адчуць сваю значнасць, даюць пачуццё бяспекі і ўпэўненасці.
Мерапрыемства завяршылася выступленнем творчага калектыву «Скарбніца».


