19 кастрычніка ў рамках святкавання Тыдня бацькоўскай любові ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбылася гадзіна зносін «Рэцэпты сямейнага шчасця». Удзельнікамі мерапрыемства сталі шматдзетныя сем’і, чые дзеці з’яўляюцца студэнтамі ўніверсітэта. З віншавальным словам выступіў рэктар універсітэта Сяргей Антонавіч Каспяровіч, адзначыўшы, што ў БрДТУ надаецца вялікая ўвага сямейнаму выхаванню. Галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Брэсцкага гарвыканкама Вольга Мікалаеўна Турыч распавяла аб статыстыцы заключэння шлюбаў, колькасці разводаў, нараджальнасці і аб сярэднім узросце ўступлення ў шлюб берасцейцаў. У ліку запрошаных гасцей быў настаяцель храма Ціхвінскай іконы Божай Маці ў г. Брэсце, іерэй Андрэй Петрусевіч з жонкай Юліяй. Пара падзялілася сакрэтамі сямейнага шчасця, распавяла пра тое, як жыць у любові, выхоўваць дзяцей і як дамагчыся ўзаемаразумення паміж мужам і жонкай. Бацькі нашых студэнтаў распавялі пра свае сямейныя традыцыі, падзяліліся сакрэтамі выхавання і сваімі рэцэптамі сямейнага шчасця. Асаблівую атмасферу свята стварылі кветкі, прадастаўленыя стваральнікам Кветка-парку, блогерам Кірылам Ваўранюком. Ён падзяліўся сваім захапленнем з гасцямі мерапрыемства, адзначыўшы, што БрДТУ стаў яго другой сям’ёй, якая падтрымлівае яго хобі. Завяршылася мерапрыемства віншаваннем прарэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Пятроўны ялавай.
Рэцэпт сямейнага шчасця просты — каханне, давер, павага і прабачэнне. Пра гэта гасцям мерапрыемства будуць нагадваць постэры, падораныя арганізатарамі.





