9 снежня — Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства

У верасні 2015 года Генеральная Асамблея ААН пастанавіла абвясціць 9 снежня Міжнародным днём памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства. Гэтая дата была абраная ў сувязі з тым, што ў гэты дзень у 1948 годзе была прынятая Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Мэта гэтага Дня — павышаць вядомасць Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго і яе ролі ў барацьбе з генацыдам і папярэджанні гэтага злачынства, як яно вызначана ў Канвенцыі, і каб памінаць людзей, якія сталі яго ахвярай, і шанаваць іх памяць.
Падчас Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі — амаль 3 млн чалавек. Асобнай трагічнай старонкай той варварскай вайны стала фактычнае татальнае знішчэнне беларускіх яўрэяў. Паводле ацэнак экспертаў і гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Мінскім гета і канцэнтрацыйным лагеры Трасцянец, загінулі каля 800 тыс. яўрэяў. Беларусь у гады вайны на сваёй тэрыторыі перажыла фактычна два генацыды: Халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў як складнік усходніх славян.

Канвенцыя аб папярэджанні генацыду
У Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго (артыкул 2) генацыд вызначаецца як «наступныя дзеянні, якія здзяйсняюцца з намерам знішчыць, поўнасцю або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу…»:

  • забойства членаў такой групы;
  • прычыненне сур’ёзных цялесных пашкоджанняў або разумовага засмучэнні членам такой групы;
  • наўмыснае стварэнне для якой-небудзь групы такіх жыццёвых умоў, якія разлічаны на поўнае або частковае фізічнае знішчэнне яе;
  • меры, разлічаныя на прадухіленне дзетараджэння ў асяроддзі такой групы;
  • гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую.

У Канвенцыі пацвярджаецца, што генацыд, незалежна ад таго, здзяйсняецца ён у мірны або ваенны час, з’яўляецца злачынствам, якое парушае нормы міжнароднага права і супраць якога ўдзельнікі Канвенцыі абавязваюцца «прымаць меры папярэджання і караць за яго здзяйсненне» (артыкул 1). Галоўная адказнасць за папярэджанне і спыненне генацыду ўскладаецца на дзяржаву, у якой гэта злачынства здзяйсняецца.