БрДТУ і БрДУ: умацаванне супрацоўніцтва

31 студзеня 2024 года адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам і Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам ім. А.С. Пушкіна. Паставіўшы подпісы пад дакументам, рэктар БрДТУ Каспяровіч Сяргей Антонавіч і рэктар БрДУ ім. А. С. Пушкіна Голубеў Юрый Пятровіч пацвердзілі сяброўскія адносіны двух універсітэтаў г. Брэста і выказалі ўпэўненасць у дасягненні высокай выніковасці міжвузаўскіх адносін.
Кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі адзначылі, што Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А. С. Пушкіна арганічна дапаўняюць адзін аднаго. Геаграфічнае размяшчэнне універсітэтаў дазваляе арганізаваць без дадатковых выдаткаў сеткавую форму рэалізацыі адукацыйных праграм як вышэйшай адукацыі, так і дадатковай адукацыі дарослых. У рамках пагаднення плануецца адкрыццё новых спецыяльнасцяў, у якіх моцныя бакі ўніверсітэтаў-партнёраў будуць дапаўняць адзін аднаго, а ўзаемадзеянне вучоных двух універсітэтаў забяспечыць міжпрадметнасць і адкрые новыя магчымасці для развіцця навуковых даследаванняў.
Адным з першых праектаў у рамках рэалізацыі падпісанага пагаднення стане арганізацыя сумеснай працы ў цэнтры кампетэнцый прамысловай робататэхнікі і лічбавага інжынірынгу, які ствараецца ў БрДТУ.