9 лютага 2024 года Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Брэсцкае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Рэктар БрДТУ Каспяровіч Сяргей Антонавіч і начальнік упраўлення Рудольф Валерый Станіслававіч, падпісаўшы дакумент, пацвердзілі намеры праводзіць мэтанакіраваную сумесную працу па выяўленні і падтрымцы таленавітай моладзі, па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці ў моладзі, а таксама навукова-даследчую дзейнасць, накіраваную на папярэджанне надзвычайных сітуацый.
Бліжэйшыя мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках пагаднення, гэта дыпломныя і курсавыя праекты, накіраваныя на рэальнае напаўненне і ўдасканаленне праграмнага забеспячэння адукацыйнага цэнтра бяспекі ў Брэсце. Таксама прадугледжаны сумесныя навуковыя даследаванні ў галіне наступстваў і прафілактыкі надзвычайных сітуацый. Гэтыя даследаванні могуць быць як у галіне інфармацыйных тэхналогій, так і ў галіне ўстойлівасці канструкцый, стварэння бяспечных аб’ектаў.
Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт па асобных напрамках узаемадзейнічаў з Брэсцкім абласным упраўленнем МНС і раней. Падпісанае пагадненне адкрые новыя магчымасці ў галіне маладзёжнай палітыкі, уцягнутасці студэнтаў у рухі, звязаныя з бяспекай жыццядзейнасці, а таксама ў інфармацыйнай і прапагандысцкай рабоце.
Ва ўрачыстай абстаноўцы начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Рудольф В.С. уручыў рэктару БрДТУ Каспяровічу С.А. нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях «За прапаганду бяспекі жыццядзейнасці».




У рамках візіту ў Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС дэлегацыі БрДТУ на чале з рэктарам універсітэта Каспяровічам С.А. была арганізавана экскурсія ў адукацыйны цэнтр бяспекі. На інтэрактыўных пляцоўках з прымяненнем інавацыйных тэхналогій удзельнікі экскурсіі мелі магчымасць авалодаць навыкамі бяспечных паводзін у розных надзвычайных сітуацыях і адпрацаваць іх на практыцы.





