У рамках мерапрыемств Тыдня роднай мовы будучыя інжынеры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітета наведалі Навукова-асветніцкі цэнтр імя У.А. Калесніка. Студэнты мелі мажлівасць пазнаёміцца з работамі Уладзіміра Андрэевіча, пісьменніка, даследчыка беларускай літаратуры, стваральніка літаратурнага аб’яднання “Берасцейскае вогнішча”, першага прафесара на Берасцейшчыне. Не засталіся маладыя людзі абыякавымі да прагледжанага дакументальнага фільма, бо змаглі пачуць мудрае слова аднаго з аўтараў кнігі “Я з вогненнай вёскі”. З захапленнем студэнты разглядалі працы таленавітага чалавека: фотаздымкі, карціны, рэчы з дрэва. Як бачна, Уладзіміру Андрэевічу Калесніку падуладна было не толькі слова.

Вусны часопіс “Не саромься размаўляць па-беларуску” не пакінуў абыякавым студэнтаў факультэта інжынерных сістэм і экалогіі. Гэтае мерапрыемства падрыхтавалі студэнты-філолагі Брэсцкага дзяржаўнага універсітета імя А.С.Пушкіна і запрасілі на свята роднай мовы студэнтаў-фізікаў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітета. Было над чым паразважаць маладым людзям: ці патрэбна беларуская мова? Што неабходна рабіць, каб мага болей людзей сталі карыстацца беларускай мовай?… Выказванні мастакоў слова пра родную мову (Я. Брыля, Я. Коласа. В. Ластоўскага, І. Мелажа, Ф. Скарыны і інш.) нагадалі маладым людзям, што беларуская мова – наша душа, наша вопратка, і толькі ад нас залежыць: ці пачуюць нашы дзеці слова нашых славутых продкаў?!