На базе БрДТУ адбылася прэс-канферэнцыя «Сіла рэгіёнаў. Уступная кампанія 2023 на прыкладзе Брэсцкай вобласці»

12 мая ў Прэс-цэнтры Беларускага Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Сіла рэгіёнаў. Уступная кампанія 2023 на прыкладзе Брэсцкай вобласці». Удзел прадстаўнікоў Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і ўстаноў адукацыі Брэсцкай вобласці адбыўся ў анлайн фармаце на пляцоўцы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Пішчоў Сяргей Мікалаевіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Каліноўская Наталля Анатольеўна, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі і дырэктара каледжаў Брэсцкай вобласці.
Увазе ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі была прадстаўлена агульная інфармацыя аб гатоўнасці да маючых адбыцца ў бліжэйшы час цэнтралізаваных іспытаў, а таксама аб ходзе падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, рэгістрацыя на якое, дарэчы сказаць, ужо пачалася 10 мая і працягнецца да 1 чэрвеня.
Рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Каспяровіч Сяргей Антонавіч распавёў пра новаўвядзенні ўступнай кампаніі БрДТУ гэтага года, адным з якіх з’яўляецца набор на спецыяльнасць «Мытная справа». Таксама Сяргей Антонавіч звярнуў увагу на пералік найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў, на якія без уступных выпрабаванняў залічваюцца абітурыенты, якія маюць атэстат (альбо дыплом ПТА, дыплом ССА) з адзнакай і пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) трэцяга абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У завяршэнні свайго выступлення рэктар запэўніў, што займальная вучэбная, навуковая дзейнасць і актыўнае студэнцкае жыццё гарантаванае ўсім, хто зробіць свой выбар на карысць Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Затым аб спецыяльнасцях, планах прыёму і паступленні на асаблівых умовах у свае ўніверсітэты распавялі рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А. С. Пушкіна Сэндэр Ганна Мікалаеўна, рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Дунай Валерый Іванавіч і рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Унсавіч Аляксандр Мікалаевіч.
Аб правілах прыёму і асаблівасцях атрымання сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі расказалі дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Куіш Міхаіл Міхайлавіч, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа Барысюк Генадзь Іванавіч і дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа прыборабудавання Шляжко Мікалай Аляксеевіч.